Умацаванне законнасці і правапарадку застаецца галоўным у дзейнасці пракуратуры Лунінецкага раёна.
Падводзячы вынікі мінулага года, пракурор Аляксандр Карлюк адзначыў станоўчую дынаміку па ўсіх накірунках работы. Удалося рэалізаваць комплекс наглядных і правапрымяняльных мерапрыемстваў, накіраваных на ўзмацненне барацьбы са злачыннасцю і забеспячэнне верхавенства закона, што дазволіла пэўным чынам нівеліраваць уплыў некаторых негатыўных працэсаў на жыццё людзей. Як станоўчы адзначыў Аляксандр Паўлавіч факт зніжэння колькасці асабліва цяжкіх і злачынстваў, учыненых на глебе сямейна-бытавых адносін. Аднак падстаў для заспакаення гэта не дае: у раёне на амаль 3 працэнты вырасла агульнакрымінальная злачыннасць. Павелічэнне адбылося за кошт крадзяжоў і наўмыснага ўхілення бацькоў ад утрымання сваіх непаўналетніх дзяцей.
Прымаліся летась пракуратурай актыўныя меры рэагавання ў мэтах абароны інтарэсаў дзяржавы, суб’ектаў гаспадарання розных формаў уласнасці, жыллёвых, працоўных, маёмасных і іншых канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян. Як падкрэсліў пракурор, ніводная з 60-ці праведзеных летась праверак не была безвыніковай. Іх наступствамі сталі 48 прадстаўленняў, 60 прадпісанняў, 125 афі-цыйных папярэджанняў, 61 пратэст. Акрамя гэтага, 190 чалавек прыцягнуты да дысцыплінарнай, 76 – да адміністрацыйнай адказнасці. У суды накіравана 196 грамадзянскіх іскаў і заяў на агульную суму больш як 160 тысяч рублёў, а таксама 52 іскі – у эканамічныя суды на суму амаль 4 мільёны рублёў.
На нарадзе па падвядзенню вынікаў работы за мінулы год прынята рашэнне, накіраванае на ўдасканаленне дзейнасці пракуратуры ў барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, прафілактыку правапарушэнняў. Асаблівая ўвага звернута на неабходнасць строгага захавання заканадаўства пры выкарыстанні бюджэтных сродкаў, рэалізацыі дзяржаўных праграм, інвестыцыйных праектаў, мадэрнізацыі вытворчасці з падтрымкай дзяржавы, ажыццяўленні працэдур закупкі тавараў (работ і паслуг). Адначасова з поля зроку вырашана не выпускаць эфектыўнасць дзейнасці ведамасных кантрольных службаў.
У ходзе нарады стала вядома, што па выніках работы за мінулы год за ініцыятыву і высокі прафесіяналізм, асабісты ўклад ва ўмацаванне законнасці загадам Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюк узнагароджаны каштоўным падарункам, загадам пракурора Брэсцкай вобласці старшаму памоч-ніку пракурора Іне Дзерман і загадам пракурора раёна старшаму памочніку Марыне Грабовіч аб’яўлены падзякі.