Гісторыя
Паводле дадзеных археалогіі засяленне людзьмі Палескага рэгіёну адбылося ў далёкім мінулым. Першыя пісьмовыя згадкі пра населеныя пункты Лунінеччыны адносяцца да ХV стагоддзя (1432 – в.Лунін, 1449-Лунінец).
У сярэднявеччы найбольш значнымі цэнтрамі былі мястэчкі Кажан-Гарадок і Лахва, а ў Дзятлавічах з 1620-х гадоў да 1842 года існаваў праваслаўны мужчынскі манастыр, да якога былі прыпісаны сяляне Лунінца і яшчэ некалькіх вёсак. Развіццю краю ў далейшым спрыяла пракладка ў апошнія дзесяцігоддзі Х1Х стагоддзя Палескіх чыгунак. Лунінец, які стаў буйным чыгуначным вузлом, і становіцца цэнтрам рэгіёну. У першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя тут некаторы час жылі Якуб Колас, Аляксандр Блок, будучы авіяканструктар Павел Сухі...
Пасля падзей рэвалюцыі і грамадзянскай вайны Лунінец з 1921 года становіцца горадам і цэнтрам павета ў складзе Польшчы. Перадваеннае насельніцтва яго складала звыш 8 тысяч чалавек. Сваёй дрэваапрацоўчай прамысловасцю быў вядомы ў той час і пасёлак Мікашэвічы.
У верасні 1939 года Лунінеччына ўвайшла ў склад Савецкага Саюза. У 1940 годзе ў складзе Пінскай вобласці БССР былі створаны лунінецкі і Ленінскі (з цэнтрам у Мікашэвічах) раёны. За тры гады фашысцкай акупацыі (1941-1944) гітлераўцамі было расстраляна і закатавана на Лунінеччыне звыш 19 тысяч чалавек, цалкам знішчаны шэраг населеных пунктаў.
У гісторыю ўвайшлі гераічныя старонкі барацьбы лунінчан супраць захопнікаў, у тым ліку паўстанне Лахвенскага гета ў 1942 годзе, стратэгічна важная аперацыя па выбуху чыгуначнага моста праз раку Лань у раёне дз.Сінкевічы, вызваленне раёна ў ліпені 1944 года.
У пасляваенныя дзесяцігоддзі эканоміка раёна была адноўлена і працягвала развівацца, асабліва з пачатку 70-х гадоў, пасля будаўніцтва ў Лунінцы завода электрарухавікоў і рамонтна-механічнага завода, а ў Мікашэвічах – найбуйнейшага ў Еўропе аб'яднання «Граніт». У 60-70-е гады праведзена шырокамаштабная меліярацыя забалочаных земляў Палесся. У пачатку 60-х гадоў у склад Лунінецкага раёна была перададзена частка зямель расфармаванага Ленінскага раёна.
Лунінецкі раён утвораны 15 студзеня 1940 года. Размешчаны на ўсходзе Брэсцкай вобласці ў зоне беларускага Палесся. На захадзе мяжуе з Пінскім, на поўдні – са Столінскім, на поўначы – з Ганцавіцкім раёнамі Брэсцкай вобласці. Лунінецкі раён - адзін з трох раёнаў Брэсцкай вобласці, найбольш моцна пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС у 1986 годзе. Забруджана 2/3 тэрыторыі з шчыльнасцю забруджвання ад 1 да 15 кюры на квадратны кіламетр.
Лунінец – найбуйнейшы чыгуначны вузел, які ўзнік на рубяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў. Сярод асноўных прадпрыемстваў вузла – лакаматыўнае дэпо, станцыя «Лунінец», дыстанцыя шляху, механізаваная дыстанцыя пагрузачна-разгрузных работ, дыстанцыя энергазберажэння.
На тэрыторыі горада і раёна – 8 помнікаў архітэктуры, сярод якіх Лунінецкая Крыжаўзвіжанская царква, 81 помнік гісторыі, у іх ліку абеліскі, брацкія магілы, 6 помнікаў археалогіі.
Лунінецкі раённы краязнаўчы музей створаны ў 1978 годзе, экспазіцыя адкрыта ў 1986 годзе. З 2000 г.функцыянуе выставачная зала. Асноўны фонд музея налічвае звыш 12 тыс.экспанатаў.